Дзень народнага адзінства

“У адзінстве народа — адзінства краіны!” — так называлася ўрачыстасць, якая прайшла ў Глуску 17 верасня з нагоды новага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. У фае кінатэатра “Арыён” — тэматычны стэнд, прыгожая фотазона, выстава зброі, экіпіроўкі, абмундзіравання, рыштунку часоў Вялікай Айчыннай вайны, падрыхтаваная раённым краязнаўчым музеем і ўдзельнікамі ваенна-гістарычнага клуба “Салдаты Перамогі”, тэматычны куток ад раённай бібліятэкі і жывое гучанне флейты. Усё гэта стварала адчуванне свята ўжо на ўваходзе, да пачатку ўрачыстасці.

З нагоды свята шэраг глушчан адзначылі ўзнагародамі. Падзячныя пісьмы Глускага райвыканкама за актыўную грамадскую дзейнасць, праяўлены патрыятызм, прынцыповую стойкасць і цвёрдасць перакананняў, асабісты ўклад ва ўмацаванне асновы дзяржаўнасці і ў сувязі з Днём народнага адзінства атрымалі: дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Акуліч,  начальнік адасобленай групы (Глускага раёна) ваенкамата Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў маёр Сяргей Корбут і спецыяліст па тэхнічнай інвентарызацыі Глускага бюро Бабруйскага філіяла РУП “Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” Раман Тычына (абодва — члены клуба “Салдаты Перамогі”, а таксама сябры музея і актыўныя ўдзельнікі музейных мерапрыемстваў).

Нас аб’ядноўвае пачуццё патрыятызму— гэта не жаданне браць ад сваёй Радзімы ўсё, што яна здольна даць, а гатоўнасць зрабіць для яе ўсё, што можаш сам, што ў тваіх сілах. На нашай зямлі на працягу стагоддзяў жылі людзі розных нацыянальнасцяў, розных веравызнанняў, жылі мірна, захоўвалі паміж сабой згоду, гэта стала візітоўкай Беларусі, гэтым мы можам ганарыцца, а яшчэ — любіць сваю Радзіму, не таму, што яна вялікая ці маленькая, а таму, што яна наша. Так, якія б ветры не шумелі над Беларуссю, нашы моцныя традыцыі, народная памяць, беларуская культура аб’ядноўваюць людзей. Кожны разумее, што толькі разам можна будаваць моцную і прыгожую краіну, краіну, якой можна ганарыцца.

563